Працягваецца поўнамаштабная вайна ва Украіне, яе армія можа пайсці не на асобныя буйнамаштабныя контрнаступальныя мерапрыемствы, а контрнаступленне можа ўяўляць сабой серыю комплексных аперацый на працягу канца 2024 года і на працягу ўсяго 2025-га.
Такім прагнозам падзяліліся аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), аб чым паведамляе УНІАН. «Выхад з бягучай пазіцыйнай вайны на Украіне зʼяўляецца складанай задачай як для расійскіх, так і для ўкраінскіх сіл, а менш маштабныя ўкраінскія контрнаступальныя аперацыі даюць магчымасці для дасягнення аператыўна значных мэт без праблем, звязаных з правядзеннем больш маштабных контрнаступальных аперацый», – адзначылі эксперты.
Аналітыкі мяркуюць, што больш дробныя контрнаступальныя аперацыі, верагодна, дазволяць украінскім воінам пачаць аслабляць здольнасць РФ выкарыстоўваць ініцыятыву на полі бою.
«…заходнія і амерыканскія афіцыйныя асобы ацэньваюць, што ўкраінскія сілы працягнуць абараняцца на працягу наступных шасці месяцаў і не змогуць правесці буйнамаштабную контрнаступальную аперацыю да 2025 года», – дадалі ў Інстытуце.
У пачатку ліпеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў краіны ёсць рэзерв – 14 неўкамплектаваных брыгад, у іх няма патрэбнай зброі. Паводле яго слоў, перадачу неабходнага ўзбраення адобрылі партнёры, аднак дапамога паступае марудна.
Па звестках партызанскага руху «Атэш», сярод расійскіх захопнікаў ходзяць чуткі, што ўкраінцы ствараюць «ударны кулак», каб увосень здзейсніць прарыў у бок пакуль яшчэ падкантрольнага РФ Крыму і перарэзаць створаны супернікам сухапутны калідор на Херсонскім кірунку.
Кацярына Прысяжнюк/УНІАН
нг